Алесь Звонак - Дагарэла зара ў небакраі...

Дагарэла зара ў небакраі,
На зямлю ноч спакойна лягла.
У гармонік бярозавы грае
Ў пералеску срабрыстая мгла.

Цішыня. Над туманнай лагчынай,
Як браты, абняліся дубы...
Трэба выцерпець шмат за айчыну,
Каб яе навучыцца любіць.

Прыпадзі да зямлі цёплай ніцма,
Да узоранай плугам раллі —
Ты пачуеш, як б’ецца крыніцай
Сэрца вечна жывое зямлі.

Ты пачуеш, як новае слова
Завітала да нас на парог,
Як нястрымна праходзіць век новы
Па завілінах даўніх дарог;

Як над краем, калісьці загнаным,
Як над краем спрадвечнай журбы
Узыходзіць світанак чаканы,
Несучы незвычайную быль...

Цішыня. Хутка поўнач надыдзе
Сыпаць зор залаты авёс
Ды папасвіцца месяц выйдзе
На ліловую пашу нябес.


Похожие статьи:

Алесь ЗвонакАлесь Звонак - Радзіма

Алесь ЗвонакАлесь Звонак - Мой сад

Алесь ЗвонакАлесь Звонак - Час

Алесь ЗвонакАлесь Звонак - Мудрасць

Алесь ЗвонакАлесь Звонак - Хараство

БИОГРАФИИ
Паэт Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі