Алесь Салавей - Восень

Каля хаты мае дрэвы летнія ўборы асыпалі
і заслалі аранжава-мосяжнай коўдраю двор.
За маўклівым сялом, за панурымі сёстрамі-ліпамі —
з поля звезена ўсё — у сарочцы калючай прастор.

Восень там гаспадарыць; ідзе па зямлі валадаркаю;
ёй належыць усё: поле, поплаў, рака, сенажаць;
ёй належыць нат сонца — зацьміць іншы раз яго хмаркаю
і заплача, пачне кроплі спорныя слёз асыпаць...

Я гляджу за акно: панадворкі там жоўта-барвовыя,
ходзіць вецер па іх; дрэвы хіляцца з боку на бок;
і заўважыў: шчэ дань засталася адна выпадковая,—
на галінцы кляновай дрыжыць сірацінка-лісток.

З хаты выйшаў на двор. Асцярожна рукою дрыжачаю
абрываю лісток, прыкладаю да твару яго:
усёй істотай адчуў адышоўшае лета гарачае,
бураў грукаты, трэск перуноў і спякотаў агонь.

Што ж, нічога! Міне й гэта восень і зімка з марозамі,
прыйдзе час — дрэвы хмурыя лісцем ізноў зашасцяць...
Перабудзем, знясём і нядобрае, й злое, і грознае,
прычакаем вясны, няўнікнёнай сяброўкі жыцця.

1942, верасень, Ілля
 


Похожие статьи:

Алесь СалавейАлесь Салавей - Тысяча дзевяцьсот...

Алесь СалавейТам, на пякельным таку, дзе цапамі малоцяць галовы...

Алесь СалавейАлесь Салавей - Трыялет (Ты мне за ўсё найдаражэй...)

Алесь СалавейАлесь Салавей - Ты

БИОГРАФИИ
Паэт Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі