Анатоль Вялюгін - Рыбацкі могільнік

Міколу Нагнібедзе


Аповесць мора на граніце
чытай, не верачы красе
бурштыннага прыбою ў Нідзе
на Куршскай сонечнай касе,
дзе ноч і дзень дымяцца дзюны
на сыпкім беразе крутым
і хвойнічак, заўсёды юны,
па схілах сцелецца, як дым.

Імкнецца ён, разлапы, нізкі,
стрымаць адвечны рух пяскоў.
Сівая хваля ад калыскі
калыша долю рыбакоў.
Аповесць мора – на граніце
шчарбатых заімшэлых пліт.
На могілках старых у Нідзе
раскажа ўсё табе граніт.

Чытаеш помнікі,

   здзіўлёны:

ну хоць бы надпіс быў адзін,
дзе строга значацца імёны
тваіх равеснікаў, мужчын!
Малыя толькі... і жанчыны...
Як быццам не плылі сюды
ніколі ў чоўне дамавіны
дзядзькі, падлеткі і дзяды.

Няўжо яны не паміралі
пад родным дахам, рыбакі?
На пенны бег балтыйскай хвалі
зірнеш імгненна з-пад рукі:
– Ах, там яны...

Бурліць раўнівы,

цяжкі, у белай шанцы, вал.
Не моўкне шум рыбацкай нівы.

Чакаючы,
маўчыць
прычал.


1959

 

Крыніца: Вялюгін А. З белага камення – сіняе пламенне: Кніга паэзіі. – Мн.: Маст. літ., 1993. – 254 с.


Похожие статьи:

Анатоль ВялюгінАнатоль Вялюгін - Чаромхавыя халады

Анатоль ВялюгінАнатоль Вялюгін - Спелы бор

Анатоль ВялюгінАнатоль Вялюгін - Сланечнік з прабітай галавой

Анатоль ВялюгінАнатоль Вялюгін - Сады зацвілі...

Анатоль ВялюгінТворчасць Анатоля Вялюгіна

БИОГРАФИИ
Паэт Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі