Генадзь Бураўкін - Вочы сінія-сінія...

Вочы сінія-сінія...

Косы тугія...

Хтось шчаслівы, як кажуць, дзяўчыну хрысціў.
Трэба вытаптаць многа дарог,

каб другія

Вочы гэткія, гэткія косы знайсці.

Пра такіх, пэўна, казкі складалі ў народзе,
Надзяляючы сотнямі светлых імён...
А цяпер – гарманісты чародамі ходзяць,
Носяць песні-прызнанні ўначы ля акон.

А яна – маладая ў сваёй прыгажосці –
Ні прызнанняў, ні песень не хоча яна.
Аднаго прычакаць бы ёй толькі у госці,
Ды з зямлёю яго абвянчала вайна...

Не згуляе вяселля той, хто гэтак абвенчан.
А яна ўсё чакае, верыць казачным снам,
Адганяе сватоў, што прарочаць:

не вечна

Будзе доўгай каса, будзе яркай краса.

I даўно з хаты ў хату і з вуха у вуха
Носяць бабы па вёсцы няўмольны прысуд:
Застанецца яна назаўжды векавухай,
Нізавошта састарыць, загубіць красу...

Я не знаю,

быць можа, і праўда, не трэба

Ёй, прыгожай такой, адзінокаю жыць.
Я ж яе разумею...

I вельмі хацеў бы

Вось такое каханне ў жыцці заслужыць.
 


1958


Похожие статьи:

Генадзь БураўкінГенадзь Бураўкін - Я горка вінаваты...

Генадзь БураўкінГенадзь Бураўкін - Я веру...

Генадзь БураўкінГенадзь Бураўкін - Як хочацца вярнуць усё назад...

Генадзь БураўкінГенадзь Бураўкін - Я хачу прайсці па зямлі...

Генадзь БураўкінГенадзь Бураўкін - Эцюд рэўнасці

БИОГРАФИИ
Паэт Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі