Максім Багдановіч - Жывеш не вечна, чалавек...

...passe sans laisser meme
Son ombre sur le mur.
V. Hugo*

*...праходзіць, не пакідаючы нават
Свайго ценю на сьцяне.
В. Гюго (фр.)

Жывеш не вечна, чалавек, –
Перажыві ж у момант век!

Каб хвалявалася жыццё,
Каб больш разгону ў ім было,
Каб цераз край душы чуццё
Не раз, не два пайшло!

Жыві і цэльнасці шукай,
Аб шыраце духоўнай дбай.

І ў напружэнні паўнаты
Свайго шырокага жыцця
Без болю, ціха зойдзеш ты
Ў краіну забыцця.

 

 

   Класічным узорам філасофскай лірыкі Максіма Багдановіча з'яўляецца верш «Жывеш не вечна, чалавек...». Гэта роздум аб высокім прызначэнні чалавека, аб паўнаце, каштоўнасці кожнага мігу яго жыцця. Эпіграфам да яго ўзяты словы В. Гюго «...праходзіць, не пакідаючы нават свайго ценю на сцяне». Пражыць так, бязмэтна, бездухоўна, не пакінуўшы памяці аб сабе, – значыць знікнуць бясследна. Чалавечае жыццё – неацэнны дар прыроды, але яно незваротнае, кароткае ў параўнанні з вечнасцю, і таму кожнае яго імгненне трэба ўвекавечыць, напоўніць вялікай духоўнай мэтай і пражыць ярка, хвалююча.
   Сэнс індывідуальнага чалавечага жыцця Максім Багдановіч бачыць у высокай духоўнасці асобы, у развіцці яе творчых сіл, магчымасці ўдасканалення, у авалоданні багаццямі чалавечай культуры. Гэта яго мара аб цэласным, духоўна багатым чалавеку блізкая і дарагая нам, людзям сучаснага грамадства.


Похожие статьи:

Максім БагдановічТворчасць Максіма Багдановіча

Максім БагдановічЭкзістэнцыяльныя матывы ў творчасці Максіма Багдановіча

Максім БагдановічМаксім Багдановіч - Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...

Максім БагдановічПатрыятычная лірыка Максіма Багдановіча

Максім БагдановічМаксім Багдановіч - Цёплы вечар, ціхі вецер, свежы стог...

БИОГРАФИИ
Паэт Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі