Максім Танк - Перапіска з зямлёй

Я пісаў зямлі многа лістоў
Пяром, якім пішуць лірычныя песні,
Гімны розныя,

маніфесты;

Пісаў я смыкамі ўсіх скрыпак,
Якія смяюцца і плачуць;
Пісаў спіцамі дрогкіх калёс,
Якарамі і мачтамі караблёў,
Штыком

і сапёрнай

лапатай;

Пісаў кубкамі, з якіх п'юць
За здароўе і вечную памяць, –
Але пакуль што
Адказ атрымаў я
Толькі на ліст мой,
Напісаны плугам.
Вось ён.
Парэжце на скібы яго.
Частуйцеся.
Ешце.

1964 г.


Похожие статьи:

Максім ТанкМаксім Танк – Люцыян Таполя

Максім ТанкМатывы і вобразы паэзіі Максіма Танка

Максім ТанкПейзажная лірыка Максіма Танка

Максім ТанкПасляваенная лірыка Максіма Танка

Максім ТанкТворы Максіма Танка для дзяцей

БИОГРАФИИ
Паэт Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі