Янка Купала - "Нашай Ніве"

Не загаснуць зоркі ў небе,
     Покі неба будзе, —
Не загіне край забраны,
     Покі будуць людзі.

Ночка цёмная на свеце
     Вечна не начуе,
Зерне, кінутае ў ніву,
     Ўсходзіць ды красуе.

Наша зерне — нашы думкі —
     Не загінуць свету, —
Бліснуць краскай непаблеклай
     Вечных агняцветаў.

З добрых думак, што мы кінем
     На сваім дзірване,
Будзе ўнукам нашым жніва —
     Доля, панаванне.

Беларускаю рукою
     Светлай праўды сіла
Славу лепшую напіша
     Бацькаўшчыне мілай.

Зацвіце яна, як сонца
     Пасля непагоды,
У роўнай волі, ў роўным стане
     Між усіх народаў.

Не загіне край забраны,
     Покі жывы людзі, —
Не загаснуць зоркі ў небе,
     Покі неба будзе!


Похожие статьи:

Янка КупалаДраматургічнае майстэрства Янкі Купалы

Янка КупалаІдэйны змест паэмы Купалы "Тарасава доля".

Янка КупалаПаўлінка. Мастацкія асаблівасці камедыі

Янка КупалаІдэйны змест паэмы Янкі Купалы "Бандароўна".

Янка КупалаГрамадзянская лірыка Янкі Купалы перыяду станаўлення беларускай дзяржаўнасці

БИОГРАФИИ
Паэт Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі