Ідэйны змест паэмы Янкі Купалы "Бандароўна". — Беларуская Літаратура - кароткі змест/ Краткое содержание

Ідэйны змест паэмы Янкі Купалы "Бандароўна".

   Бандароўна — чалавек непадкупнага сумлення. Для гэтай гордай і свабодалюбівай дзяўчыны самае святое — дзявочы гонар, чалавечая годнасць. Яна больш за усе цэніць свабоду і ніколі не стане жыць у няволі. Гэту свабоду яна прадаць не можа. І калі вырашаецца лес Бандароўны, яна не можа здрадзіць сабе. Гераіня вырашае лепш загінуць, чым паступіцца сваім сумленнем. Смела і мужна абараняе Бандароўна свае дзявоцтва, чалавечую годнасць, права на жыццё і свабоду. Смеласці, мужнасці дзяўчыны можна пазайздросціць.
   Народ любіць сваю гераіню, яна — яго крывінка, яго дачка. "Уцякай жа за пагодай, донька маладая", — вучаць дзяўчыну старэйшыя. Яе смерць стала той апошняй кропляй, што перапоўніла чашу народнага цярпення. І народ уздымаецца на помсту за сваю гераіню, якая "налажыла... за усіх галавою". Хаваючы Бандароўну, людзі прыбралі яе, як да шлюбу, у белы вэлюм, звілі вяночкі з руты-мяты. Белы колер, кветкі руты-мяты — сімвал чысціні дзявочай. Як бачым, не толькі перад мужнасцю, але і перад гэтай чысцінёй схіліліся галовы людскія.
   Ды што людзі. Бандароўнай захапляецца сама прырода. Яна — блізкі сябар і дарадчык дзяўчыны. Прырода раздзяляе разам з гераіняй яе радасці і гора, ласку і чалавечую цеплыню. Уцякае Бандароўна ад панскай пагоні — ночка абдымае яе, вецер расплятае косы, песціць белыя грудзі.
   Асаблівыя адносіны да Бандароўны ў аўтара. Паэт любуецца, захапляецца дзяўчынай, спачувае ёй. Аб гэтым гавораць не толькі прамыя звароты да "галубкі" (так пяшчотна называе яе Янка Купала), але і кожны радок паэмы. Аўтар не проста апісвае знешні выгляд, паводзіны Бандароўны, ён зачараваны ёю. І таму паэт можа казаць толькі так: губкі, ручкі, галоўка, вочкі.
   Многія эпітэты, параўнанні, словы-сімвалы запазычаны з вуснай народнай творчасці нездарма. Ніхто не можа лепш ацаніць вартасці чалавека, чым народ. Таму у паэме жыве і вецер крылаты, і бярозка бела, і рута-мята, і тры таполі. Усе тут працуе на вобраз Бандароўны, нават вобраз пана Патоцкага. З асаблівай стараннасцю малюе Янка Купала разбрэшчанасць, пагардлівасць да людзей пана з Канева, лютасць яго. Ён "ні старому, ні малому не спускае жартаў". Гэта бязлітасны прыгнятальнік, увасабленне сіл тыраніі, жорсткасці і амаральнасці. Пад яго прыгнётам "стогне змучана Украіна, к небу шле пракляцце". І чым цямнейшыя фарбы выбірае аўтар для стварэння гэтага вобраза, тым вышэй узнімаецца над ім Бандароўна.


Похожие статьи:

Янка КупалаГрамадзянская лірыка Янкі Купалы перыяду станаўлення беларускай дзяржаўнасці

Янка КупалаПаўлінка. Мастацкія асаблівасці камедыі

Янка КупалаПошукі героямі шляхоў да шчаслівага жыцця ў драме Янкі Купалы "Раскіданае гняздо". Сэнс назвы твора

Янка КупалаДраматургічнае майстэрства Янкі Купалы

Янка КупалаІдэйны змест паэмы Купалы "Тарасава доля".

БИОГРАФИИ
Паэт Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі