Іван Пташнікаў - Мсціжы

   Асноўны канфлікт рамана «Мсціжы» – канфлікт паміж чалавекам, які «абжывае зямлю», і чалавекам спажывецкіх, драпежных адносін да зямлі і да людзей. Канфлікт гэты ў творы не аголены, не адналінейны. Ён вынікае з узаемаадносін Вялічкі з іншымі героямі рамана, грунтуецца на дыяметральна-супрацьлеглых адносінах да зямлі.
   Зямля для Вялічкі – усё. «Зямля са снегам пад нагамі зімой; з граззю, з сыпкім сівым пяском, з сасновымі шэрымі шышкамі і дробнай дзяцельніцай – летам; з цвёрдай, што камень, грудай, позна ўвосень, калі зямля грукала пад ботамі на ўвесь свет і аж звінела, як парожняя... Зямля, па якой ён ходзіць ужо скора паўвека...»
   Зямля для яго – як жывая істота. Ён чуе яе самыя найтанчэйшыя пахі, іх адценні. Перадае гэта Пташнікаў вельмі дакладна, асязальна.
   Можна толькі здзіўляцца здольнасці пісьменніка, таленту жывапісу, які так жыва-адчувальна перадае, малюе, калі так мовіць, пах вясковай вясны. Адчуванне пахаў перадаецца не наогул, а менавіта гэтага кутка зямлі; апісанне пахаў развіваецца. Разгортваецца – адкуль такі пах? з чаго? калі бывае? што нагадвае? Верагоднасць ад гэтага моцна паглыбляецца – і верагоднасць, дакладнасць пахаў, і верагоднасць таго, што менавіта Вялічка іх адчувае.
   Варта звярнуць увагу вось яшчэ на які момант. У Пташнікава, у ягоных лепшых творах, у самых звычайных апісаннях, у самой малой клетачцы яго мастацкага свету, адчуваецца, прысутнічае гістарычны час, ёсць натуральны выхад у вялікае жыццё. Так, у апісанне пахаў ранняй вясковай вясны натуральна ўключаны ўпамінанні пра зямлянкі 1939 года. Адчуванне пахаў у Вялічкі – гэта не так нейкая фізіялагічная ўласцівасць, як сацыяльна-гістарычная. Успрыманне тых ці іншых пахаў, вызначэнне іх характару абумоўлена ўсім жыццём героя, пэўнымі зменамі ў ім.
   Вясной, напрыклад, Вялічка заўважае, што «свежай зямлёй пачынае дома пахнуць з гародчыка рана, калі яшчэ толькі асядзе снег і пад прызбай ля хлева і ля тыну ад вуліцы пакажацца сівая пасля зімы леташняя трава – кавалак абчарсцвелай на сонцы мяжы», што «зямля пахне зямлёй, калі яе схопіць адразу сонца, калі вясна ідзе без слаты», што «пад раніцу пахла змочаная расой зямля, і здавалася, што чуеш зямлю першы раз, як нарадзіўшыся на свет...».
   Зямля гэтая – ягоная, Вялічкава. Тут, у гэтым краі, у Прывіллі, ён усё ведае, усё ў ягонай памяці, свядомасці, у крыві. Але, сцвярджаючы гэта, неабходна звярнуць увагу на наступнае. Глыбока любячы зямлю, адчуваючы глыбінную еднасць з ёю, Вялічка ў той жа час не абцяжараны сацыяльнай уладай зямлі над сабою, пазбаўлены ў пэўным сэнсе эканамічнай залежнасці ад яе. Сувязь тут заснавана на глыбіннай духоўнай аснове. А такая сувязь самая моцная.
   Зямля для Вялічкі – менш за ўсё зямля-карміцелька. Зямля – гэта і лес, і рэчка, і, родная прырода. Зямля ў такім шырокім яе разуменні – тая адзіная глеба, на якой чалавек вырастае чалавекам, якая дае яму сілы і надзяляе хараством. Зямля і Вялічка – гэта штосьці арганічна адзінае: тут агульныя самыя глыбінныя жыццёвыя законы, адны і тыя ж жыццёвыя сокі жывяць іх, адно і тое ж паветра. Зямля патрэбна Вялічку, Вялічка патрэбен зямлі. Таму для яго кінуць зямлю, кінуць родны кут – гэта адарвацца ад той глебы, якая надае сілу, упэўненасць, жыццёвую ўстойлівасць; гэта тое самае, што парваць, вырваць карэнне. Карэнню патрэбна глеба, глеба родная, свая. Асабліва карэнню чалавека.
   У рамане неаднаразова ўзнікае вобраз карэння.
   Вобраз гэты набывае глыбокі змест. У самым галоўным канфлікце «Мсціжоў», канфлікце глыбока псіхалагічным, ён, вобраз гэты, адцяняе і падкрэслівае вельмі істотны аспект – сувязь з зямлёю, надаючы тым самым канфлікту моцнае сучаснае грамадскае гучанне.
   Вялічка – гаспадар на зямлі. Мсціжы для яго не проста вёска, дзе ён нарадзіўся і вырас. Яна гэта і ён. Яна глеба, на якой ён узгадаваўся, яна дала яму мэту і сэнс жыцця, тут ён пабачыў гора і перажыў радасці. Тут ягонае глыбокае карэнне. 3 гэтай зямлёю, з Мсціжамі Вялічка звязаны арганічнай узаемазалежнай сувяззю.
   Пад канец рамана «Мсціжы» галоўны герой яго вырашае, у вельмі няпростай для сябе псіхалагічнай і жыццёвай сітуацыі, надзвычай складанае пытанне чалавечага быцця. Застаўся ззаду ўвесь цяжар супярэчлівых жыццёвых абставін, унутранай барацьбы. Вялічка, які ўсё сваё жыццё пражыў добра, сумленна, з карысцю для людзей, адчуваючы быццам падсвядома каштоўнасць усяго жывога, натуральнага, павінен быў прыйсці і прыйшоў менавіта да такога вываду. Ён павінен быў застацца, і ён застаўся ў родных мясцінах, на сваёй зямлі.
   Намнога раней у творы была адна сцэна, можа, вызначальная для разумення жыццёвай філасофіі Вялічкі. Ды і іншых станоўчых герояў.
   Перажыўшы шмат душэўных і жыццёвых бур, апынуўся неяк адзін Андрэй Вялічка ў сцішаным перадвечаровым лесе. Ён услухоўваецца ў лясную цішыню, чуе, як «стукаюць, лучаючы на цвёрдае на дарозе, сухія сасновыя шышкі: у лесе яны падаюць дзень і ноч, у лесе іх пачуеш кожны раз». Вялічка думае, «што любіць слухаць, як стукаюць, падаючы шышкі... Вечна б так стаяць і слухаць...». Думкі ідуць шырэй, паглыбляюцца: «Няма сканчонага зямлі – няма і людзям. Людзі рассыпаюцца па зямлі, як шышкі з дрэва. Вечныя людзі на зямлі, вечныя і звяры. I вечна адзін ідзе на другога. I верх за чалавекам. Бо чалавек абжывае зямлю, звер – толькі плодзіцца... Есць і плодзіцца... Есць і плодзіцца, каб есці».
   У гэтых словах, афарыстычна сціслых і дакладных, – філасофія, ды і псіхалогія, узаемаадносін Пташнікавых герояў з зямлёю, з прыродай, з навакольным светам, унутраны пачатак глыбіннага канфлікту, які дае жыццё, дае несупынны рух усёй творчасці пісьменніка.



Серафім Андраюк

Крыніца: Пташнікаў І. Збор твораў. У 4 т. Т. 1. Раман; Апавяданні / Прадмова С. Андраюка. – Мінск.: «Мастацкая літаратура», 1990. – 478 с.


Похожие статьи:

Іван ПташнікаўІван Пташнікаў - Эфка

Іван ПташнікаўІван Пташнікаў - Тартак

Іван ПташнікаўІван Пташнікаў - Францужанкі

Іван ПташнікаўТворчасць Івана Пташнікава

Іван ПташнікаўІван Пташнікаў - Тры пуды жыта

БИОГРАФИИ
Паэт Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі