Алесь Якімовіч - Вераб’ёвы госці

Збудаваў верабей
На сметніку хатку.
Палажыў у дзвярах
Дубовую кладку.

Учыніў верабей
Каля хаткі жніва,
Наварыў бочак пяць
Пшанічнага ніва.

Усё, што трэба, зрабіў
Дома і за домам
Ды лісты разаслаў
Родным і знаёмым:

– Нізка б’ю вам чалом,
Мае ягамосці,
Прыязджайце хутчэй
Да мяне у госці!

Апрануўся як след
Ды стаў ля парога.
Бачыць: едзе гасцей
Многа, многа, многа!..

Едзе сам журавель
З жонкай жураўліхай,
Едзе бусел-клекатун
З жонкаю бусліхай.

Едзе і чачотка –
Вераб’ёва цётка,
Едзе і сініца –
Родная сястрыца.

Гуска з гусянятамі,
Качка з качанятамі,
I сарокі, і дзятлы,
I вароны, і шчыглы...

Прыляцеў і удод
Ды усеўся на плот.

Рады шэры верабей –
Шмат наехала гасцей!

Сабраліся госці.
Чым жа частаваць?
Узяліся разам
Абед гатаваць.

Журавель з чачоткай
Грэчку малацілі,
Курапатка з гускай
Да млына насілі.

Бусел жорны круціць,
Качка засыпае,
А сінічка-невялічка
Муку абірае.

Намалолі мукі
На бліны, праснакі.

Напяклі пірагоў
Цэлых сем карабоў.

Ды злавілі камара
Каля падваротні,
Нарабілі каўбас
Пэўна аж паўсотні.

Сталі есці, сталі піць,
Вераб’я таго хваліць.

Елі мяса, каўбасу,
Елі верашчаку.
Як пад’елі, вераб’ю
Усе сказалі: «Дзякуй!»

Тут музыкі, як адзін,
Весела зайгралі,
Госці ўпрысядкі пайшлі,
Песні заспявалі.

Вось сарока-белабока
Скача, глянуць люба.
А удод навокал ходзіць,
Патрасае чубам:

– Я стракаты удод,
Я – чубаты Фядот.
Дзюба ў мяне – спіца.
Мяне сам майскі жук
Як агню баіцца!

Дзяцел голас падаў:
– Знайшоў чым хваліцца!
Ты б жука з-пад кары
Выдзеўб гэтай спіцай!

– Глупства! – бусел сказаў. –
Глупства, ды і толькі:
Паспрабуйце сыграць
Дзюбаю вы польку!

I пайшоў танцаваць,
Сам сабе падпяваць:
– Скача жаба па балоце,
Скача па чароце.
Ты скачы ці не скачы –
Ад мяне не уцячы!

Усміхнуўся журавель:
– А я што – калека?
Паглядзіце на мяне,
Які я умека!

– Ух-ух! Ух-ха-ха! –
Распусціў ён крыллі,
Жураўліху падхапіў
Ды ўрэзаў кадрылю.

Тупнуў сам верабей,
Узяўшыся ў бокі.
А за ім і дзятлы
Пусціліся ў скокі.

За дзятламі – шчыглы,
Гуска, курапатка...
Дружна скачуць, пяюць,
Аж трасецца хатка:
– Дылі-дылі, гуль-гуль!
– Дылі-дылі, буль-буль!

Так ішла тут гульня
Аж да белага дня.
Усе стаміліся,
Замарыліся.

Наступіў журавель
На нагу сініцы.
А сініца – у крык:
– Ёлапень, дурніца!

I давай жураўля
Біць па чым папала.
Жураўліха мужыка
Ледзьве ўратавала.

– Б’юць сястру!
Б’юць сястру! –
Закрычала сойка.
I вароны, і дзятлы
Кінуліся ў бойку.

Хто напаў на каго –
Цяжка разабрацца.
Толькі пер’е ды пух
Сцелецца па хатцы.

Бусел дзюбай даўгой
Б’е ўсіх па парадку.
На бяду вераб’ю
Развалілі хатку...

I цяпер верабей
З гэтае прычыны
На задворках жыве
Без сваёй хаціны.

Я ў гасцях таксама быў,
Вераб’ёва піва піў.
Хоць па вусах і цякло,
А у роце не было.
 

 

Похожие статьи:

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Смелы Васька

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Чырвоная зорка

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Цяжкая хвароба

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Хітры воўк

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Чарнавочка

БИОГРАФИИ
Паэт Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі