Алесь Якімовіч - Казка пра смелага вожыка

   Сядзіць Зайка Шарачок пад зялёнай елачкай і горка плача. Лапкамі буйныя слёзы выцірае. А слёзы так і сыплюцца, як град, так і сыплюцца. Моцна, відаць, ужаліўся Зайка.
   – Як жа мне цяпер жыць на белым свеце?.. – скардзіцца ён на сваю заячую долю. – У-у-у-у-у... Калі так, дык і верабей скора верх над табою возьме... Эх, пабегчы хіба ды ўтапіцца з гора...
   Прыбег на рэчку. I толькі намерыўся боўтнуць з высокага берага ў ваду, як чуе:
   – Гэй, касавокі, не бачыш, куды разагнаўся?! Дрэнна ўсё ж, скажу табе па шчырасці, мець косыя вочы. Так і ўтапіцца можна...
   – Вось гэта ж мне і трэба, сястрыца Лісанька, – кажа Зайка Шарачок. – Толькі ў ваду, толькі ўтапіцца...
   – Што ты, браток, надумаўся?! Апамятайся! Навошта табе тапіцца?
   – Як гэта навошта? I ты б не лепш зрабіла, каб цябе так набіў і пакрыўдзіў... У-у-у!.. – Зайка захліпнуўся і не мог далей гаварыць.
   – Хто набіў? Хто пакрыўдзіў?
   – Ды крываногі таўкач гэты – Вожык. I каб хто людскі! – Пры апошніх словах Зайка выцер лапкай самую буйную слязу.
   – Ай, ай, – заайкала Лісіца Хітрыца, – Вожык цябе пабіў! Не спадзявалася, браток, чуць такія навіны. Як жа гэта хаця здарылася?
   Зайка прысеў па заднія лапкі і пачаў расказваць.
   – Пайшоў гэта я, – кажа, – нядаўна пад Бярозавую горку салодкай канюшынкі пашчыпаць. А тут і Вожык прыпёрся – паўзун гэты клышаногі – і давай па канюшыне качацца. Так і мне яе, так і топча. Хіба ж магло стрымаць маё заячае сэрца гэтакі здзек? Гэта ж маю канюшыну ён топча! Набраўся я храбрасці ды як закрычу на яго... А ён, замест таго каб уцякаць, падбег да мяне ды давай дубасіць, давай іголкамі калоць, – я ледзь жывы вырабіўся. У-у-у... – зноў расплакаўся Зайка Шарачок.
   I ён не на жарты намерыўся скокнуць у ваду.
   Шкада стала Лісіцы Хітрыцы Зайку. Як-ніяк, свой брат. I калі кожная там казюлька пачне яго крыўдзіць, тады і праўда лепш утапіцца.
   – Пачакай, – кажа Лісіца, – не тапіся, браток. Я за цябе заступлюся. Ужо я пакажу яму, паўзуну гэтаму няшчаснаму! Як толькі ўбачу, адразу зглыну яго... Будзе ён ведаць! Будзе ён век мяне помніць!
   – Заступіся, сястрыца, заступіся...
   Зайка зарадаваўся і перастаў плакаць.

 

* * *

   Прыбегла Лісіца Хітрыца да Бярозавай гары, стала ў лагчынцы і выглядае, дзе той Вожык, які так бязлітасна пакрыўдзіў яе прыяцеля Зайку Шарачка.
   Раптам нейкі цяжкі калючы клубок каменем упаў на яе спіну.
   – Фф-р-р-р! пы-ы-х! – зафыркала і запыхкала над самаю яе галавою. – Фф-р-р-р! пы-ы-х!
   Тут Лісіца калі скокне, калі драпане: па пнях ды па карчах, па кустах ды па зарасніках... Толькі хвост пушысты мільгае.
   Вожык перад гэтым варочаўся дахаты з Бярозавай гары і, як звычайна, каб скараціць дарогу, каціўся клубком, – дзе скокам, дзе бокам. Ён, небарака, і не агледзеўся, як апынуўся на Лісіцынай спіне: Лісіца стаяла якраз пад самаю гарою.
   Напалохаўся Вожык, уплёўся лапамі ў густую шэрсць ды толькі фыркае, толькі пыхкае. I адарвацца баіцца, каб аб дрэва ці пень які не забіцца, і на Лісіцы ехаць страшна.
   Лісіца ж тым часам думала, што ўжо смерць яе прыйшла. Прымчалася да сваёй горкі і – у нару. Нара была вузкая, толькі як самой пралезці, і Вожык сарваўся з яе спіны. Зарадаваўшыся гэтаму, ён без аглядкі пакаціўся назад.
   Сядзіць Лісіца Хітрыца ў цёмнай нары і не дыхае. «Вось гэта дык звер!.. – думае. – Ну і адчайны! Не паспела аглянуцца, а ён ужо – і на спіну, і душыць, і коле. Не, век не буду сама з ім заводзіцца. За вярсту абыду, калі дзе стрэну».
   Сядзіць Лісіца, а вылезці баіцца. «Нябось, – думае, – прытаіўся недзе, чакае. Ды не дачакацца ж табе, хітрун няшчасны: памру, а не вылезу...»
   Сядзіць яна так дзень, сядзіць другі. На трэці чуе знаёмы голас:
   – Гэй, кумка-галубка, ці жыва-здарова ты? Што гэта не відаць цябе нешта? Я ўжо, прызнацца, засумаваў без цябе...
   Зарадавалася Лісіца Воўку Зубасгаму і вылезла з нары. Вылезла і расплакалася.
   – Што з табою, кумка-галубка? – пытаецца воўк. – Якое такое гора ў цябе?
   – Як жа мне не плакаць, – кажа яна, – як не гараваць? Не толькі плакаць, а пайсці хіба ды ў ваду кінуцца. Усё роўна – смерць. Ён жа мяне другі раз жывую не выпусціць.
   I яна расказала куму, як ледзь не задушыў яе Вожык. Каб яшчэ чуць-чуць, дык канцы б ёй былі.
   Тут Воўк давай рагатаць, давай сосмеху качацца. Смешна яму, каб Вожык Лісіцу задушыў.
   – Дарэмна, кум, выскаляешся, – матае галавою Лісіца. – Ён і цябе можа задушыць.
   Кажа яна так, а сама сабе і думае: «Вось падбухтору Воўка, пакажа ён таму крываногаму паўзуну... Ужо ад яго і духу не застанецца. Будзе ён ведаць».
   – Добра, кумка, – кажа нарэшце Воўк Зубасты, – я за цябе заступлюся.
   – Заступіся, кумок, заступіся! – просіцца Лісіца.
   – Я яго адным духам разарву! – хваліцца Воўк.

 

* * *

   Сказаў ён так і набег шукаць Вожыка.
   Бяжыць Воўк, бяжыць, аж галлё пад нагамі трашчыць. Зубамі загадзя ляскае, Вожыка смакуе.
   Прыбягае да Бярозавай гары. Бачыць – нейкая капіца травы насустрач едзе: без каня і без воза – сама едзе. Разгледзеўся Воўк – аж гэта і ёсць Вожык: начапляў на сябе лісця і вязе ў сваю нару.
   – Гэй, Вожык, ты што ж гэта маю куму крыўдзіш?! – завыў Воўк Зубасты і злосна ляснуў зубамі.
   – Я... я... – хацеў нешта адказаць Вожык, ды з перапалоху язык заблытаўся.
   Воўк быў галодны і не мог больш трываць; ён падскочыў да Вожыка і цапнуў яго ў сваю шырокую ляпу.
   Але тут здарылася такое, ад чаго ў Воўка аж іскры пасыпаліся з вачэй. Выплюнуў ён Вожыка ды ходу далей ад бяды. Бяжыць, а за ім услед сцежка ад крыві: вядома, увесь рот скалоў яму Вожык.
   Прыбег Воўк да сваёй хаты сярдзіты, сядзіць і крывёю плюецца. Ідзе неўзабаве да яго Мядзведзь. Убачыў ён, што Воўк крывёю плюецца.
   – Што гэта, – кажа, – суседзе, з табою: ці не ў зубнога быў?
   – Ай, Міхайла Іванавіч, – стогне Воўк, – горш...
   I ён расказаў суседу пра сваю бяду: як Вожык калоў яго вострымі іголкамі.
   – Хоць ты ў лесе цяпер не жыві, хоць ты тапіцца ідзі...
   – Нічога, брат, – суцешыў яго Міхайла Іванавіч. – Я, брат, за цябе заступлюся. Як стрэну яго – заб’ю. Ужо я не дапушчуся, каб ён мяне іголкамі калоў. Лапай як стукну, дык і канцы яму будуць. Бач, які спрытны: іголкамі коле! Пачакай жа, я табе пакажу!
   I Міхайла Іванавіч давай тупаць ды гарачыцца. Так разгарачыўся, што гатоў хоць зараз ісці Вожыка біць. Але ўспомніў, што выбраўся рыбу лавіць, бо вельмі прагаладаўся за доўгі дзень.
   – Бывай, брат, – развітаўся ён з Воўкам Зубастым, – не турбуйся. Усё будзе, як я сказаў.

 

* * *

   Прыйшоў Міхайла Іванавіч на рэчку, сеў на беражку і заняўся рыбацтвам. Убачыць з берага рыбу, схопіць лапаю ды выкіне за куст. Або засадзіць лапу пад корч ці ў нару і выцягне вусатага рака.
   Лавіў ён так, лавіў, а нарэшце парашыў і павячэраць. «Мабыць, шмат ужо рыбкі набралася, – думае. – Ну і наемся ўдосыць!»
   I ў Міхайлы Іванавіча загадзя пацяклі слінкі.
   Прыйшоў ён за куст, а там – аніводнай рыбкі і ніводнага рака таксама!
   «Што за праява, – бурчыць Міхайла Іванавіч, – куды ж падзелася рыба? Ці не скрозь зямлю яна правалілася...»
   Бачыць – недалёка Лісіца Хітрыца круціцца.
   – Гэй, рыжуха, – злосна гукнуў да яе Міхайла Іванавіч – як табе не брыдка? Ды я... ды я ж цябе самую зараз праглыну за такія штучкі!
   – Што ты, Міхайла Іванавіч! Хіба ж можна, каб я ды тваю рыбку з’ела?..
   – А хто ж? – зароў Міхайла Іванавіч.
   – Ведаю хто, – шэпча яму здалёк Лісіца, – ды толькі сказаць баюся. Хіба на вушка, каб хаця не пачуў ён. А то не жыць мне тады.
   Падышла Лісіца блізка да Міхайлы Іванавіча і шапнула яму на вуха:
   – Вожык, каб я так жыла, сама бачыла...
   Яшчэ горш усхадзіўся Міхайла Іванавіч, яшчэ больш на Вожыка ўзлаваўся. Аж на месцы не ўстаіць. Так і гараць ад злосці яго кіпцюры.
   – Дзе ён, Лісічка, пакажы мне, – просіць Міхайла Іванавіч.
   А Лісіцы толькі гэтага і трэба было: Міхайла Іванавіч ужо напэўна за ўсіх Вожыку адпомсціць!
   Вожык толькі што вярнуўся з палявання і цяпер соладка драмаў на мяккай пасцелі. Яму сёння добра пашанцавала: ён злавіў дзесятак жаб і мышэй, нарэшце натрапіў на птушыныя яечкі, ды і запіў імі свой багаты абед. Вось чаму зараз ён быў у добрым настроі і, дрэмлючы, думаў пра нядаўнія прыгоды з Лісіцай і Воўкам. Пасля гэтых прыгод ён не на жарты пачаў баяцца жыць на свеце. Але, мяркуючы па ўсім, – не толькі ён, Вожык, збаяўся Лісіцы і Воўка, наадварот, – хутчэй яны збаяліся яго. Бо калі б не так, дык чаго ж паўцякалі ад яго і Лісіца і Воўк, не кажучы ўжо пра Зайку. Гэта апошняе наводзіла Вожыка на думку, што, мабыць, ён і ёсць самы дужы і грозны ў лесе звер. Ад гэтай думкі яму рабілася весела і прыемна. Аднак тут ён успомніў, што жыве яшчэ ў іхнім лесе мядзведзь Міхайла Іванавіч, – не раўня ні Лісіцы, ні Воўку, а пра Зайку ўжо і гаворкі няма. Гэты ўспамін крышку астудзіў геройскі настрой ваяўнічага Вожыка.
   Але, як кажуць, пра воўка памоўка, а ён тут. Так было на гэты раз і з Мядзведзем. Толькі Вожык падумаў пра яго, а ён тыц сюды, і не адзін нават.
   Як убачыў Вожык Лісіцу з Мядзведзем, дык і скамянеў ад страху. Згарнуў у клубочак свае калючкі і падрыхтаваўся да смерці.
   Падышоў Міхайла Іванавіч бліжэй да Вожыка, паглядзеў, паглядзеў, а пасля як зараве на ўвесь лес:
   – Ах ты, абжора ненаедны, сам з клапа, а бач колькі рыбы маёй з’еў! Я ж цэлы адвячорак лавіў. I як толькі цябе, абжора, не разарвала!..
   Лісіца ж тым часам аж душыцца са смеху: вядома, рыбку-то яна сама з’ела.
   Лаяў Міхайла Іванавіч Вожыка, лаяў, а ён хоць бы што. Нават не зварухнецца. Тут Міхайла Іванавіч яшчэ горш усхадзіўся: ён жа ў сваім лесе звер над усімі звярамі, і кожны павінен не толькі слухацца яго, а і дрыжаць перад ім! А Вожык не лічыць патрэбным нават глянуць на яго грозную асобу: паеў усю яго рыбу і не лыс.
   Хацеў Міхайла Іванавіч схапіць Вожыка ды разарваць, але ўспомніў горкую воўчую практыку. Тады ён з усяго маху стукнуў яго лапаю. Вожык адкаціўся ўбок і злосна запыхкаў. А Мядзведзь так і заскакаў на трох нагах: уся лапа яго была ўтыкана іголкамі. Заенчыў ён ад болю ды ходу на трох нагах далей ад бяды.
   Выцягнуў Вожык галаву з калючак на свет, бачыць: Міхайла Іванавіч дае драла на трох нагах, і Лісіца Хітрыца за ім ледзь паспявае. Тут ён расхрабрыўся ўжо як мае быць:
   – Пых! Пых! Трымайце іх, трымайце разбойнікаў!
   Мядзведзю здалося, што Вожык даганяе яго. Ён апусціўся па ўсе чатыры лапы і, не зважаючы на боль, так памчаўся, толькі лес трашчыць.
   Прыбег Міхайла Іванавіч да Ваўка і Зайкі.
   – Ну як, задушыў Вожыка? – пытаецца Воўк.
   – Задушыў, задушыў... – перадражніў яго злосны Міхайла Іванавіч. – Бачыш, як ён мяне пакалечыў. – I Мядзведзь выставіў наперад сваю скрываўленую лапу. – Так пекануў, – кажа, – мяне па лапе гэты звяруга, што я ледзь не памёр ад болю. Ах, Зайка, вазьмі абцужкі, павыцягвай з лапы іголкі. Цярпець не магу.
   Узяў Зайка абцужкі, павыцягваў з лапы іголкі і перавязаў яе бінтом.
   Вось паселі звяры ў рад і пачалі думу думаць, як Вожыка перамагчы. Але што ні прыдумаюць, усё не так. Нарэшце Лісіца і кажа:
   – Хадзем хіба да яго гуртам. Быць не можа, каб рады не далі.
   Парада Лісіцына была самая разумная, і ўсе ахвотна з ёю згадзіліся.
   Выстраіліся звяры адзін за адным і пайшлі. Спераду Міхайла Іванавіч. За ім – Воўк Зубасты. За Воўкам – Лісіца Хітрыца. А за Лісіцаю – Зайка Шарачок. Ідуць і разважаюць паціху, як ім Вожыка перамагчы.
   Лісіца кажа:
   – Лепш за ўсё разарваць яго на кавалкі. Ты, Міхайла Іванавіч, як самы дужы, будзеш цягнуць за галаву, ты, куме Воўк, і ты, Зайка Шарачок, за хвост, – вось у вас і роўная сіла будзе. А я буду каманду падаваць. Як крыкну – раз, два, тры – дзяры! – дык вы і рвіце яго.
   Усе зноў згадзіліся з Лісіцынай парадай. I праўда, лепш за яе не прыдумаеш, хоць бы размудрыўся.
   Прыйшлі да Бярозавай гары, глядзяць і вачам не вераць: на палянцы пад гарою Вожык душыць страшную атрутную змяю. I гэтак смела распраўляецца з ёю... Зайка тут жа і самлеў ад страху. Лісіцу з перапалоху схапіў жывот. У Воўка Зубастага забарабанілі зубы. Нават у Міхайлы Іванавіча закалаціліся паджылкі.
   – Не, – кажа Міхайла Іванавіч, – з такім зверам жарты кароткія. Ён нават атрутнай змяі не баіцца, не то што нас.
   Завярнуўся ён ды наўцёкі, а за ім і яго сябры.
   З таго часу ўсе яны баяцца Вожыка і не чапаюць яго. Толькі адна Лісіца Хітрыца прыдумала спосаб, каб Вожыка перамагчы, але нікому пра яго не сказала. Ды і самой ёй не заўсёды гэты спосаб удаецца.

 

Похожие статьи:

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Чарнавочка

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Цяжкая хвароба

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Хітры воўк

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Смелы Васька

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Чырвоная зорка

БИОГРАФИИ
Паэт Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі