Алесь Якімовіч - Чырвоная зорка

   Калі гэта было, у якіх краях, пры якіх царах, – не будзем казаць. Той, хто казку паслухае, – сам даведаецца.
   Ну, дык слухайце.
   Жыў па свеце адзін чалавек. Ніхто не зваў яго ні па імені, ні па прозвішчу, а звалі ўсе па становішчу: Цярпі-гора. I праўда: шмат ён гора цярпеў, шмат бяды меў. З гаспадаркі ўсяго і было ў таго чалавека, што лапіна зямлі на ўзгорку, хатка гнілая ды кабылка сляпая.
   А самым большым багаццем яго былі тры сыны: Сымон, Рыгор і Клім. Такіх, як кажуць, пашукаць – не знойдзеш: і розумам, і красою, і спрытам – малайцы як на падбор.
   Гадаваў бацька сыноў і цешыўся: вось, думае, падмога на старасць будзе. З імі любую бяду перамагу.
   Толькі не давялося бацьку дачакацца шчаслівага жыцця. Падкасіла яго хвароба ліхая, адабрала сілу жытуха цяжкая.
   Ляжыць стары на печы і думае – відаць, смерць не за гарамі. Паклікаў ён сыноў і кажа ім:
   – Вось што, дзеці мае ненаглядныя, хачу вам даць сваё благаславенне ды параду бацькоўскую. Цяжка мне было жыць на белым свеце, нялёгка і вам будзе, калі не будзеце трымацца адзін аднаго, дапамагаць адзін аднаму...
   Уздыхнуў стары бацька, благаславіў сыноў і выняў з-за пазухі вузельчык. Развязаў, а ў ім – чырвоная зорка блішчыць.
   – Нічога, – кажа бацька сынам, – з багацця я вам у спадчыну не пакідаю, бо нічога сам не маю. Даю вам толькі адну гэтую чырвоную зорку. Вялікую сілу яна мае. Але тады яна пакажа сілу сваю, калі вы тры ісціны пазнаеце. Першая ісціна – у чым зло людское, другая ісціна – у чым сіла народная, а трэцяя ісціна – у чым шчасце чалавечае...
   Хацеў стары і яшчэ нешта сказаць, ды мову адняло – ён і сканаў.
   Пахавалі сыны бацьку і пачалі жыць адны. Жылі добра, у згодзе, як бацька навучаў.
   Ды вось неўзабаве давялося братам разлучыцца. Малодшаму, Кліму, павестку ад цара прыслалі, каб у салдаты служыць ішоў. Ну, цару пярэчыць не будзеш. Пабедавалі старэйшыя браты ды выправілі Кліма ў далёкую дарогу. А каб не сумаваў ён на чужой старане, далі яму з сабою бацькаў дар – чырвоную зорку.
   – Насі яе, – кажуць, – пры сабе, можа, цябе бяда міне, можа, табе шчасце будзе. А мы ўжо дома як-небудзь пражывём.
   Узяў Клім чырвоную зорку, падзякаваў братам ды рушыў у дарогу.
   А праз які год і сярэдні брат, Рыгор, бацькаву хату пакінуў.
   – Хлеба, – кажа, – на бацькавай зямлі і аднаму мала, лепш пайду ў свет свайго шчасця шукаць.
   – Што ж, – адказаў старэйшы брат, – ідзі, калі такая твая воля. Буду я адзін на бацькавай зямлі разжывацца.
   Сабраўся Рыгор і пайшоў куды вочы глядзяць. Доўга хадзіў па свету, а шчасця так нідзе і няма. Дзе толькі не працаваў – і ў купцоў, і ў паноў, і на фабрыках-заводах усялякіх. Ды ўсюды адно: робіць да знямогі, ночы недасыпае, а разлік прыйдзе – атрымлівае грош шчарбаты.
   Не стрымаўся аднаго разу Рыгор ды як стукне кулаком па стале перад самым носам гаспадара-заводчыка:
   – Дакуль жа вы, крывасмокі, кроў пашу піць будзеце!
   Гаспадар нарабіў крыку, паклікаў гарадавых. Тыя як бач закруцілі Рыгору рукі назад, звязалі вяроўкамі і кінулі ў турму.
   I вось у турме сустрэўся Рыгор з адным чалавекам, які яму вочы па ўсё адкрыў.
   – Я, – кажа той чалавек, – не разбойнік і не душагуб. Я – бальшавік, пасланец Леніна. Праўду рабочаму люду тлумачу. За гэта і ў турму трапіў. Дык ведай, браце: не відаць ні табе, ні такім, як ты, беднякам дабра да таго часу, пакуль цар і багацеі ўсім будуць уладаць і ў сваіх руках уладу трымаць. Адабраць у іх багацце і ўладу не так і цяжка. Трэба толькі рабочаму люду разам сабрацца ды разам змагацца. На кожнага пана і фабрыканта нас тысячы прыходзіцца. Вось і разваж цяпер, хто дужэйшы.
   Сядзіць Рыгор у турме і думае пра словы бальшавіка, ленінскага пасланца. I так прыкіне, і гэтак разважыць – і выходзіць: праўду кажа бальшавік!
   Выйшаў Рыгор з турмы ды зноў на завод падаўся. Дзеля выгляду на заводзе старанна працуе, а сам цішком бальшавіцкую праўду таварышам расказвае. I стаў ён з таго часу ў рабочых за важака.
   Не лепшым было жыццё і ў старэйшага брата, Сымона.
   Ажаніўся ён, сям’я вялікая. Але як ні б’ецца ён на бацькавай палосцы – усё без хлеба, усё ў нястачы жыць даводзіцца. А тут і сляпая кабылка здохла. Што рабіць? Пайшоў Сымон да пана.
   – Памажы, панок, каня нажыць. Пазыч грошай...
   – Добра, – кажа пан, – памагу табе каня нажыць. Але раней папрацуй на мяне з год.
   Што ж, прыйшлося Сымону згадзіцца. Папрацаваў ён у пана год. Прыйшоў па разлік. Пан кажа:
   – Зараз разлічуся...
   Выняў з кішэні нейкую кніжачку і пачаў чытаць:
   – На полі працаваў кепска, многа еў, у маім доме жыў, маю вопратку насіў, па маёй зямлі хадзіў... Лыжкі мае, міскі мае... За ўсё гэта трэба грошы плаціць. Так што табе нічога не застаецца. Яшчэ ты мне вінен...
   – Несправядліва пан лічыць, – запярэчыў Сымон. – Не можа таго быць, каб за год цяжкай працы я нічога не зарабіў!
   – Ах, дык ты яшчэ вучыць мяне хочаш! – закрычаў пан. – Гэй, лёкаі, дайце гэтаму мужыку бізуноў!
   Схапілі панскія лёкаі Сымона, збілі бізунамі і паслалі сена вазіць – пану доўг адрабляць.
   Вязе Сымон панскае сена і думае пра сваё горкае жыццё. Аж бачыць – бяжыць да яго чалавек нейкі. Бяжыць – з сілы выбіваецца. Падбег да воза і просіцца:
   – Ратуй мяне, добры чалавек. Схавай ад пагоні. За мной ураднік з жандарамі гоніцца.
   Узяў Сымон і схаваў таго чалавека ў сена. А жандары з ураднікам тут як тут.
   – Ці не бачыў ты, – пытаюцца ў Сымона, – чалавека аднаго?
   – Не, – адказвае Сымон, – нікога не бачыў...
   – Як гэта не бачыў, такі-сякі!.. – закрычаў ураднік. – Нікуды ён падзецца не мог! Звальвай сена!
   Напалохаўся Сымон, бачыць – справа дрэнная.
   – Сена гэтае, – кажа ён, – не маё, а панскае. Скажыце мне, як вас зваць-велічаць, дык я перадам пану, хто яго воз затрымаў, хто загадаў яго сена па дарозе растрасаць.
   Пабаяўся ўраднік панскай няміласці. Узяў толькі выняў шашку і пачаў ёю сена пароць. Парне, паглядзіць на шашку, ці няма крыві, і ў другім месцы пора. Трапіў гэтак і ў руку схаванаму чалавеку. Хоць і забалела таму, але ён голасу не падаў, абцёр толькі рукавом кроў з шашкі.
   Папароў ураднік сена ды так ні з чым і пайшоў.
   Выцягнуў тады Сымон чалавека з сена, руку яму перавязаў.
   – Хто ты такі? – пытаецца ў яго.
   – Я, братка, – адказвае чалавек, – не разбойнік і не душагуб, я – бальшавік, пасланец Леніна. Супраць несправядлівасці змагаюся. За гэта і ганяюцца за мною царскія жандары. Вось падумай сам: паны не працуюць, а дабра ў іх усялякага – цераз край, а вы, сяляне, гаруеце і дзень і ноч, а што маеце? Адбярыце ў паноў зямлю, і ніякай сілы яны мець не будуць. Толькі рабіць трэба гэта гуртам, усім разам...
   Бачыць Сымон – праўду кажа бальшавік! З таго часу ён і сам пачаў бальшавіцкую праўду ўсім пераказваць. I ўсе парабкі ды сяляне-беднякі любілі яго за гэта. Сымон у іх важаком стаў.
   Нялёгкае жыццё выпала і на долю малодшага брата Кліма. Дзень і ноч – усё на нагах. Адною муштрой замучылі. А тут неўзабаве і вайна з немцамі пачалася. Колькі голаду ды холаду нацярпеліся салдаты, колькі пароду палягло, – сказаць нельга. Але ў гэты час і пазнаў Клім ісціны, пра якія ім некалі бацька казаў.
   Служыў у іхнім палку салдат адзін. Бывалы, відаць, чалавек ён быў. Як пачне расказваць пра сябе, пра жыццё людзей, дык усе слухаюць яго, не наслухаюцца. I скакаць, і жартаваць умеў. За ўсё гэта моцна любілі яго салдаты.
   Ды вось здарылася з гэтым салдатам бяда. Даведаліся начальнікі, што ён супраць вайны выступае, цара ды багацеяў лае. Схапілі яны яго і перад усім палком на расстрэл паставілі: нямецкі шпіён, кажуць. Адапхнуў ён ад сябе афіцэраў і крыкнуў на ўвесь голас да салдат:
   – Не верце ім, браткі! Не шпіён я, не здраднік, а бальшавік – пасланец Леніна. За што мы ваюем? Каму патрэбна гэтая вайна? Царам ды багацеям. А нам, беднаце, заваюй хоць увесь свет – і пядзі лішняй зямлі не дадуць. Чым дарэмна галовы лажыць, жонак з дзецьмі жабракамі па свету пускаць, давайце лепш пакончым з царом і багацеямі.
   Пераглянуліся салдаты паміж сабою і думаюць: праўду кажа бальшавік! Апусцілі яны стрэльбы, топчуцца па месцы.
   Тут наперад выйшаў Клім і кажа да сяброў:
   – Не бальшавік наш вораг, а яны, – паказаў ён на афіцэраў, – служкі царскія! Яны нас за людзей не лічаць, пад кулі гоняць...
   – Правільна! – загаманілі салдаты.
   Накінуліся яны на сваіх ворагаў – павязалі іх.
   Развітаўся салдат-бальшавік са сваімі сябрамі і пайшоў у другія палкі. А Кліма салдаты сваім камандзірам паставілі.
   I толькі здарылася гэта, як успомніў Клім бацькавы словы пра тры ісціны. «Цяпер я іх ведаю!» – радасна сказаў ён сам сабе. Дастаў чырвоную зорку, прышпіліў да шапкі, каб усе яе бачылі, і павёў сваё войска ў вялікі паход – на цара ды на паноў-буржуяў. Глядзіць, а тут і брат яго, Рыгор, ідзе, рабочую раць вядзе, а за Рыгорам – Сымон ідзе, сялянскую раць вядзе...
   Вялікая была бітва, ды працоўны народ перамог у гэтай бітве. Перамог таму, што ён за ленінскай праўдай пад чырвонай зоркай ішоў, таму, што пазнаў ён тры ісціны: зло людское – у багацеях, сіла народная – у згодзе рабочых, сялян і салдат, а шчасце чалавечае – у працы для ўсіх працоўных.

 

Похожие статьи:

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Цяжкая хвароба

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Чарнавочка

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Слабая воля

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Хітры воўк

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Смелы Васька

БИОГРАФИИ
Паэт Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі