Янка Скрыган

Нарадзіўся ў вёсцы Труханавічы Капыльскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям'і. Пачатковую адукацыю атрымаў у мясцовай царкоўнапрыходскай школе, потым вучыўся ў Слуцку ў Беларускай гімназіі і сельскагаспадарчым тэхнікуме.

У 1924 г. Ян Скрыган стаў супрацоўнікам слуцкай акруговай газеты «Вясковы будаўнік». Пасля ліквідацыі акругі і пераезду ў Расоны працаваў загадчыкам Народнага дома пры выканкоме, затым — у рэдакцыі газеты «Чырвоная Полаччына», дзе пазнаёміўся з П. Броўкам. У 1932 г. закончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне БДУ. Быў членам літаратурных аб'яднанняў «Маладняк» і «Літаратурна-мастацкая камуна». Будучы студэнтам, займаўся грамадска-палітычнай работай: у 1929 г. выязджаў у Магілёўскую вобласць на калектывізацыю, у 1930 г. з брыгадай супрацоўнікаў газеты «Звязда» працаваў на Гомсельмашы па наладжванні сістэмнай арганізацыі заводскага жыцця, назіранні над якім перададзены ў кнігах нарысаў. У 1933—1936 гг. працаваў у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва».

13 лістапада 1936 г. Яна Скрыгана арыштавалі па абвінавачанні ў «контррэвалюцыйнай дзейнасці» і засудзілі на дзесяць гадоў пазбаўлення волі з высылкай у Сібір (Кемераўская вобласць). У 1946 г. ён быў вызвалены, аднак пазбаўлены грамадзянскіх правоў на пяцігадовы тэрмін. Працаваў на пасадзе бухгалтара на гідролізным заводзе ў Фергане, на сланцахімічным камбінаце ў Эстоніі, куды пераехаў, каб быць бліжэй да Беларусі, дзе яму было забаронена жыць. 25 чэрвеня 1949 г. зноў арыштаваны і высланы ў Сібір, у Сухабузімскі раён, дзе працаваў бухгалтарам у райкамгасе і МТС.

У снежні 1954 г. з Івана Аляксеевіча Скрыгана былі зняты ўсе абвінавачанні, ён быў поўнасцю рэабілітаваны і адноўлены ва ўсіх правах. Пасля вяртання ў Мінск пісьменнік актыўна ўключыўся ў літаратурную дзейнасць: працаваў рэдактарам у Дзяржвыдавецтве БССР, літкансультантам Саюза пісьменнікаў, рэдактарам і намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Полымя». Як добры знаўца мовы быў запрошаны галоўным рэдактарам выдавецтва «Беларуская савецкая энцыклапедыя» П. Броўкам на пасаду загадчыка літаратурна-кантрольнай рэдакцыі (1967—1975). Працаваў адказным сакратаром камітэта па Дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (1975—1985).

Заслужаны работнік культуры Беларусі з 1985 г., узнагароджаны медалямі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага савета БССР, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Тувінскай АССР.

БИОГРАФИИ
Паэт Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі