Яўгенія Янішчыц

Нарадзілася Яўгенія Янішчыц у сялянскай сям’і, бацька — бондар, цясьляр, маці — працаўніца калгасу. Сям’я жыла спачатку ў вёсцы Рудка, потым пабудавалі новы дом у вёсцы Велясьніца. Першы муж маці Марыі Андрэеўны, Ёзас Янішчыц, загінуў на вайне ў 1944 годзе, ад яго Яўгеніі засталося прозьвішча (аб гэтым яна пісала ў вершы «Памяці Ёзаса Янішчыца»). Другі муж маці, Ёсіф Сьцяпанавіч Патапчук — бацька Яўгеніі Янішчыц — памёр у 1975 годзе. Маці стала двойчы ўдавой і пакінула гэты сьвет у 2006 годзе.

Дзяцінства будучай паэтэсы прайшло на вёсцы. Вучылася Яўгенія Янішчыц спачатку ў Мерчыцкай васьмігодцы, 9—10 клясы скончыла ў Парэцкай сярэдняй школе (Пінскі раён). У юнацкія гады пачала пісаць вершы. Самы першы твор прачытала на школьнай вечарыне, прысьвечанай Я. Коласу. Вершы 17-гадовай дзяўчыны друкаваліся ў пінскай раённай газэце, у рэспубліканскіх газэтах і часопісах.

У 1966, пасьля заканчэньня сярэдняй школы, Яўгенія Янішчыц паступіла на аддзяленьне беларускай мовы і літаратуры філялягічнага факультэту БДУ. Стала дыплямантам беларускага фэстывалю творчасьці моладзі (1970).

Пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту (1971) пайшла працаваць загадчыцай бібліятэкі ў ЦК ЛКСМБ. У гэтым жа годзе выйшла замуж за беларускага паэта Сяргея Панізьніка. Праз пэўны час зьехала ў Чэхаславаччыну, дзе муж служыў ваенным журналістам. Аднак хутка вярнулася на радзіму, да маці, і ў 1972 годзе нарадзіла сына Андрэя. Без дапамогі мужа гадавала сына, шлюб у студзені 1976 быў афіцыйна скасаваны.

Бытавая і жыцьцёвая неўладкаванасьць працягвалася каля пяці гадоў.У 1976 Яўгенія Янішчыц уладкавалася працаваць літкансультантам у «Сельскую газэту». Атрыманая ў 1977 у Менску на вуліцы Ўльянаўскай кватэра дазволіла канчаткова замацавацца ў сталіцы. У 1981 Я. Янішчыц удзельнічала ў працы XXXVI сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН. У 1983 яна становіцца загадчыкам аддзелу паэзіі часопісу «Маладосьць». У 1988 атрымоўвае новую трохпакаёвую кватэру на вуліцы Старажоўскай, на Нямізе.

Марудна Яўгенія Янішчыц папраўлялася пасьля аварыі ў Магілёве ў 1976, калі атрымала мноства пераломаў і была надоўга прыкаваная да бальнічнага ложка. Яна так і ня здолела перамагчы фізычны боль і пакуты, што, у сваю чаргу, паўплывала на дэпрэсіўныя настроі ў апошнія гады жыцьця. Па афіцыйнай вэрсіі, паэтэса трагічна загінула.

БИОГРАФИИ
Паэт Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі
Пісьменнік Беларусі